Маёр, што раніцою ў вайскова-палявым судзе выконваў у справе Швэйка абавязкі аўдытара, быў той самы афіцэр, што ўвечары піў з фэльдкуратам у генэрала на «ты», а пасьля ізноў задрамаў.
Ніхто не заўважыў, калі і як маёр пакінуў уначы генэральскую компанію. У тым стане, у якім былі ўсе госьці, ніхто ня ўзяў увагі, куды ён зьнік. Генэрал быў да таго п’яны, што нават ня мог распазнаць, хто з ім гаворыць. Маёра ўжо гадзіны дзьве ня было на месцы, а ён усё яшчэ пакручваў вусы і з ідыёцкай ўсьмешкай зьвяртаўса ў яго бок:
— Гэта вы вельмі справядліва заўважылі, пане маёр.
Раніцою агледзеліся, што маёра нідзе няма. Ягоны шынэль вісеў у прадпакоі, шабля ў кутку і толькі маёрава афіцэрская шапка таксама бяз сьледу зьнікла. Дапускаючы, што ён мог заснуць у патрэбнай каморцы, абшукалі ўсе патрэбныя каморкі ў доме, але дарэмна. Замест яго, на другім паверсе знайшлі аднаго паручыка з тае-ж самае компаніі, што спаў стоячы на каленях і перагнуўшы галаву ў ракавіну так, як на яго напаў сон у часе прыступу ванітаў.
Маёр-жа як у ваду патануў.
Але каб хто здагадаўся глянуць за краты вакенца камеры, дзе быў зачынен Швэйк, ён пабачыў-бы, як пад расійскім салдацкім шынэлем спалі на адных нарах два чалавекі і з-пад шынэля выглядалі дзьве пары ног.