ШВЭЙК Ў РОЛІ РАСІЙЦА ПАЛОННАГА
Калі Швэйк, як яго за расійскую форму памылкова палічылі за расійскага палоннага, што ўцёк з партыі палонных недалёка ад Фэльштэйну, калі ён выказаў распачлівы крык сваёй душы лучынкаю на сьцяне, ніхто ня ўзяў на яго ўвагі, а калі ён памкнуўся быў тады, калі пераганялі палонных у Хірувэ, вытлумачыць непаразуменьне афіцэру, што праходзіў паўз іх (палонным якраз у гэты час раздавалі пайкі чэрствага хлеба з кукурузаю), дык адзін з мадзьярскіх канвойных салдатаў выцяў яго прыкладам па плячох і сказаў:
— Я табе, станавіся ў рад, расійская сьвіньня!
Гэта адпавядала таму духу, як абыходзіліся мадзьяры з расійскімі палоннымі, ня ведаючы іх мовы.
Такім чынам Швэйк вярнуўся ў свой разьдзел, і аказаўся да палоннага, што стаяў да яго бліжэй:
— Вось, гэты канвойны выканаў свой абавязак, але ён сам мог папасьці ў бяду. Ну, а што, каб яго карабін быў набіты, а затвор застаўся адкрыты? Дык і магло-б здарыцца, што як ён гэтак біў нашага брата, а руля пазірала на яго, ён-бы і выстраліў, і ўвесь набой папаў-бы яму ў морду, і ён загінуў-бы, выконваючы свае службовыя абавязкі. От, напрыклад, у нас, у Богэмльскім лесе ў аднэй каменаломні рабочыя ўкралі дынамітныя капсулі, каб захаваць іх на зіму, калі яны будуць падрываць дрэва. Ну, а вартаўнік у каменаломні атрымаў загад ператрэсьці іх, як яны пайдуць з работы; ён старанна пачаў сваю справу і ад першага разу так неасьцярожна стукнуў самага першага рабочага па кішэні, што ў таго капсуль у кішэні ўзяў ды