Старонка:Svejk.4.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і разарваўся, а яны абодва паляцелі ў паветра, так што было падобна, нібыта яны ў апошнюю хвіліну хацелі абняцца.

Палонны расіец, якому Швэйк гэта гаварыў, зірнуў на яго спачувальна, бо ані слова не зразумеў.

— Не разумею… я крымскі татарын… алах акбар.

Татарын сеў, падабраўшы пад сябе ногі, на зямлі, злажыўшы рукі на грудзёх і пачаў маліцца.

— Дык, значыць, ты татарын? — сказаў Швэйк. — От гэта цікава!.. Дык тады табе трэба разумець мяне, а мне цябе, калі ты сапраўдны татарын… Гм… а ведаеш ты Яраслава фон-Штэрнбэрга? Як, ня ведаеш гэтага прозьвішча, галава ты татарская? Гэта-ж ён задаў вам перцу пад Гоштэйнам. У той час вы, татарва, уцякалі ад нас, з Моравіі, з усіх ног. Напэўна ў вас там ня вучаць гэтага ў кніжках, як у нас. Ну, Гоштэйнскую дзеву Марыю ведаеш? Зразумела, ня ведаеш. А яна ў таёй бойцы таксама была, таксама. Ну, пачакай татарская морда, цябе тут, у палоне, хутка адукуюць і перахрысьцяць. Пасьля Швэйк зьвярнуўся да другога палоннага:

— А ты гэтаксама татарын?

Той зразумеў слова «татарын» і пакруціў галавою.

— Не, не татарын, я — чаркес.

Швэйку, наогул, пашанцавала: ён апынуўся ў грамадзе прадстаўнікоў усіх усходніх народаў. У гэтай партыі палонных былі татары, грузіны, асяціны, чаркесы, мардвіны і калмыкі.

Але затое яму не пашанцавала ў другім, бо ён ня мог ні з кім з іх пагаварыць. Яго, разам з другімі, пагналі ў Дабраміл. Там павінны былі правіць чыгунку, што ішла праз Пярэмышль у Ніранковіч.

У Дабраміле іх усіх перапісалі ў канцылярыі этапу, што было вельмі цяжка зрабіць, бо з усіх трох сот палонных, прыгнаных у Дабраміл, ніхто не разумеў рускае мовы фэльдфэбэля, што сядзеў там за сталом. Гэты фэльдфэбэль напісаў у свой час рапорт, што ведае па-расійску, і цяпер выконваў ва Ўсходняй Галіччыне абавязкі перакладчыка. За тры тыдні перад гэтым ён выпісаў сабе нямецка-рускі слоўнічак і рускую граматыку, але іх яму яшчэ ня ўправіліся прыслаць, дык ён гаварыў замест