Старонка:Svejk.4.pdf/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

даны» і з грукатам стукаюцца аб нашы гарматы, ломячы і крышачы іх. Навакол валяюцца забітыя і раненыя; адзін за адным валяцца абаронцы, і толькі адна гармата яшчэ не маўчыць, толькі адзін чалавек застаўся пры ёй. Гэта — Язэп Швэйк, запасны 91-га палка, што бяз страху кінуўся да команды батарэі. Варожыя знарады прагавіта шукаюць новых ахвяр, выюць і рвуцца зьлева і справа, падаюць то бліжэй наперад, то далей назад, але — о, дзіўнае шчасьце! — не пападаюць у яго. Гэта і ёсьць «апошні чалавек пры гармаце»! І хто ў гэтым пекле, у гэтай шалёнай віхуры сьмерці, дзе кожную хвіліну можна загінуць, ня згубіць развагі, той зьяўляецца чалавекам, што мае права на кароткае, але гучнае, як звон, і вялікае імя «гэрой!».

Таму «апошні чалавек пры гармаце» даўно ўжо зьяўляецца ўлюблёнаю тэмаю вялікіх мастакоў-баталістаў, — скончыў вольнапісаны Марэк. — Гэта тэма ажыла ізноў у радавым, Язэпе Швэйку, што такім чынам зьдзейсьніў на яве паданьне пра такога гэроя. Гэта ён апошні стаяў каля свае гарматы, не ўважаючы на сьмяротную небясьпеку; гэта ён набіваў, наводзіў, страляў, ізноў наводзіў і страляў і так далей. Было немагчыма яго перамагчы, немагчыма нават Сьмерці, як і расійцам… І таму цяпер вялікі срэбны мэдаль «за адвагу» ўпрыгожвае ягоныя грудзі.

— Гэта зусім, як з канонірам Ябурэкам, — захоплена адказаў Швэйк, — з тым самым, што пад Кёніггрэцам стаяў каля гарматы і ўвесь час набіваў яе. Паслухай, Марэк, мне здаецца, ты пачынаеш загаворвацца. Калі-б пры Кёніггрэцы гэты Клям-Галяс ня сеў у галёшу, мы канечне перамаглі-б, такія ў нас там былі добрыя салдаты! А ты чуў, што плян гэтае бойкі распрацаваў аўстрыйскаму штабу… прускі генэральны штаб? Нейкі пан капітан Гэпнэр даведаўся пра гэта і, калі ня мог пераплыць Эльбы, застрэліўся. Але ён напісаў сваёй жонцы, як была справа, і таму яго імпэратарская вялікасьць загадала адмовіць ёй у пэнсіі. Тады яна перш кінулася на калені на вуліцы перад яго коньмі і працягнула да яго рукі, каб дазволіў ёй прыйсьці на аўдыенцыю, а потым яе аддалі ў вар’яцкі дом, бо яна хацела абліць імпэратара сярчанаю кіслатою…

— Швэйк, умейце трымаць язык, — параіў яму Марэк. — Вы-ж ня ведаеце, хто нас слухае.