Старонка:Svejk.4.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Можа вы загадаеце яго вымыць? Гэтыя салдаты такія сьвіньні! Тут патрыётычны верш, што мог-бы ўзьняць дух цэлае арміі, у які паэта ўлажыў усю сваю душу, а такая зараза падцерлася ім, нібы на сьвеце няма іншае паперы.

Ягоная ўсьмешка была поўна сарказму і гіроніі.

Пасьля разьдзел рушыў далей. Прайшло з гадзіну часу і ніхто ня думаў пра тое, што даўно страчана сувязь з авангардам. Пад паўдня падыйшлі да нейкае прагалінкі ў лесе, адкуль пачуліся чалавечыя галасы. Капітан загадаў выслаць наперад разьведчыкаў. Яны вярнуліся з весткаю, што на прагаліне прыпыніўся невялічкі разьдзел аўстрыйскае артылерыі, каб даць змучаным коням крыху адпачыць.

Батальён наблізіўся да прагаліны і салдаты радаваліся, што змогуць адпачыць, як раптам на ўскраіне лесу зьявіўся конны афіцэр. Ён галёпам падскочыў да капітана Загнэра і крыкнуў:

— Якога палка? 91-га? Куды-ж вы яго вядзіцё? Паслухайце, гэта-ж ня той кірунак! Я-ж вам загадаў налева!

І паляцеў хутка назад. Капітан прыскабліў каня, дагнаў афіцэра, адрапартаваў яму як сьлед і прасіў даць дакладнейшы загад, бо пазнаў у гэтым афіцэру начальніка брыгады, але ніякага загаду ён не атрымаў. Стары толькі ўпарта сказаў: «Я-ж загадаў налева», а як капітан закіраваў каня і казырнуў: «Слухаю, пане палкоўнік!», стары пярдун закрычаў яму ўсьлед:

— Пане капітан, прашу заўважыць сабе раз на заўсёды: ня пан палкоўнік, а пан генэрал-маёр!

Капітан Загнэр падумаў, што от бываюць-жа на сьвеце такія дурні, і паехаў назад да свайго батальёну. Ён знарок, каб узлаваць брыгаднага, даў салдатам больш адпачыць. Нікому ня прышло на думку, што іх авангард ішоў у кірунку, вызначаным яшчэ раніцою, што трэба было вярнуць яго і што батальён застаўся без заслонаў і авангарду. Ён бясьпечна ішоў насустрач ворагу зусім так, як у малавіцкім лягеры ён выходзіў на стрэльбішча, каб практыкавацца страляць у кардонныя фігуры, што рухаліся на другім канцы стрэльбішча на мішэняз з дапамогаю цэлае сыстэмы блёкаў і вяровак…