Старонка:Svejk.4.pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чорт, чаму мы павінны абавязкова ўнікаць, спыняцца, начаваць у вёсках! Можа, каб салдаты не распладзілі вошай сярод насельніцтва… Не, калі такое жыцьцё працягнецца яшчэ дзён некалькі, дык я ня вытрымаю; на гэта трэба жалезнае здароўе… Як ты думаеш, даражэнькі, ці ня пусьціць цябе за «бядой» батальённага командзіра ў галаве колёны, а я свой раматус у нагах буду лячыць масажом дзе-небудзь у самым хвасьце яе?

Капітану Загнэру становішча штосьці пачынала не падабацца. Дзе там! Фронт ідзе наперад, расійцы адступаюць і чорт ведае, куды яшчэ трапіш са сваім батальёнам. Толькі і чакай, што страціш галаву. У лазарэце было-б цяпер куды лепш… Эх, каб там паляжаць крыху… Хоць аднак з дня на дзень можна чакаць, што вайна скончыцца; расійцы дайшлі ўжо да свае былое дзяржаўнае граніцы. Які-ж сэнс гнаць іх далей? Навошта? Капітан зараз-жа і выклаў свае думкі.

— Не, таму і трэба іх гнаць далей, — запярэчыў падпаручык Дуб. — Расійцы толькі спадзяюцца на бязьмежныя прасторы і стэпы свае краіны, што павінны ўратаваць іх ад разгрому. Адно пан расійцы забыліся, што ў нас 1915, а не 1812 год. Расійскія генэралы захацелі забыцца, што цяпер вайна адбываецца ў зусім іншых умовах тэхнічных, як тады, калі Наполеон ішоў на Маскву. У той час армія павінна была харчавацца з запасаў тае краіны, праз якую яна праходзіла, а цяпер амаль адразу першым ланцугом стральцоў пракладаецца чыгунка, па якой падвозяць з тылу ўсё патрэбнае. А да таго-ж французы ня былі прызвычаены да расійскіх маразоў, якімі нас цяпер ня зьдзівіш, бо мы, дзякуй богу, цэлую зіму прабылі на Карпатах.

— Так, так цяпер сьледам за арміяй вязуць нават ілюстраваныя паштоўкі, пасту на зубы і невядома яшчэ што. Калі справа зацягнецца яшчэ на пару год, дык на фронце можна будзе купіць нават гумовую пойку малому дзіцяці, — пазяхаючы, адказаў паручык Лукаш, якому абрыдалі ўсякія тэорэтычныя развагі.

Як ён убачыў, што яны не падабаюцца і іншым, ён гукнуў на Швэйка, што сядзеў каля другога кастра, дзе гутарка была пра тое, як лепш за ўсё зьнішчыць палявыя мышы і як сыпаць ім у норкі атручаныя зярняты.