Старонка:Sun i matsi.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

СЫН І МАЦІ

Сын

— Мамка, мамка, нам сягоння
Гаманілі ў школе
Аб якойсьці Беларусі,
Што жыве на волі.

Хоць я слухаў вельмі шчыра
(Не люблю іначай),
Ды ніяк не мог уцяміць,
Што ўсё гэта знача.

Маці

— А вось тое, мае дзеткі,
Глянь-зірні наўкола:
Бачыш гэтыя сялібы,
Хаткі нашых сёлаў;

Гэта поле — шнур ля шнура —
Ўзгоркі і лагчынкі,
На узмежку грушу-дзічку,
Крыж каля пуцінкі?

Бачыш логі, сенажаці,
А на іх — крыніцы,
Далей — бор зялёны, гонкі,
Што увысь глядзіцца?

А там далей, дзе ўжо вока
Дасягнуць не можа,
Тое самае пабачыш, —
А ўсё так прыгожа!

Сотні вёсак і мястэчак,
Гарадоў нямала,
Рэк бурлівых, пушч гамонкіх
З неапетай хвалай.

Там плывуць Дняпро і Сожа
Ды Дзвіна і Нёман,
Белавежы, Налібокаў
Там чуваці гоман.