Старонка:Spadchyna.pdf/97

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 95 —

Мне ўжо нястрашны крыўды аковы:
Любасьці братняй ясным пажарам
Кіну у попел цемры асновы
Гніць пад нагамі лозным папарам!

Жыў і бяз вас я, жыў і між вамі,
Толькі як воблак быў я свабодны,
Спутаць ня даўя дум ланцугамі,
Не аплуціў іх сьвіст ваш нязводны.

Дух мой свабодна з вашых цянётаў
Выйці здалее к яснасьці божай,
Не апаганен выйдзе з балота,
Далей, к высотам, шлях свой праложа;

Далей, дзе йшчэ беларуская думка
Зоркаў сягнуці часу ня мела,
Дзе толькі злосна чорны птах крумкаў,
Дзе хітры зьвер паношыўся сьмела.

Дзе торг з адвечнай праўды зрабілі,
Сьлёзамі ўткалі радасьць і шчасьце,
Дзе толькі сонца звод не асіліў…
…Сонца ня вашай чэрні раскрасьці!

Славу маю ня вам, падваротні,
З гразьзю мяшаці хлысьцьбай падлыжнай,—
Сам я судзьдзёю! І прышлых лет сотні
Выдадуць суд свой правы, ня кніжны.

Вы мне маіх год не гадавалі.—
Летаваў сам я, зімку праводзіў;
Віхры і буры сілу давалі,
Крыльле даў новы промень на ўсходзе

А хоць бяз часу ўдасца вам нетрай
Вычасаць гроб мне, косьці скрышыці,
Я не памру ўвесь, як ня мруць ветры,—
Будзе пракляцьце вам усім жыці.