Старонка:Spadchyna.pdf/96

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 94 —

Сам Анцыхрыст ня пойме, што нельга, што льга…
Ты ня стопчаш—цябе стопчуць ўдвое.

Мо’ захочацца сэрца, каханьня, пяшчот…
Плюй, бо йнакш аплююць і самога.
Ліжы золату рукі і карк гні. як скот,—
Купіш ўсё: сястру, брата і бога.

З сонцам, з зорамі ўздумаеш абратацца. жыць,
Вольнай птушкай лунаці па сьвеце…
Сьмейся!.. Лепш вось старайся ты з катам здружыць,
Калі горшых ня хочаш пут меці.

Бачыш, косьці па полі зьбірае груган.
І твае так калісь зьбіраць будзе…
Дык жыві-ж з сабой сам ці цьвярозы, ці п’ян,
І з людзьмі так жыві, як і людзі.

Ўвесь да дна выпівай чорны келіх жыцьця,
Ці з вадой жыватворчай, ці з ядам:
З роўнай меркай чакай вечнаты й нябыцьця,
Заадно абыймайся з анёлам і гадам.

4/II—15 г.

|}


БЛІЗКІМ І ДАЛЁКІМ.

Вам, цемратворцам блізкім, далёкім,
Шлю свой прывет і ласку ад сэрца;
Дзякуй шлю вам, шмялём сьлепавокім,
Дзякуй! хай далей моц ваша прэцца!

Піце, смакчыце кроў маю з жылаў,
Будзе хай сьліўням, піяўкам завідна,
Рыйце, капайце брату магілу,—
Вам толькі гэткай працы нястыдна!

Можаце рыці, віцца, кусацца,—
Мне ўжо ня страшны рык ваш зьвярыны
Вырвіце жылы, сэрца ня дасца,
З вашай крывавай вырвецца ціны.