Старонка:Spadchyna.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 91 —
*

Вырывай з сябе жылу па жыле,
Ві ў вяроўку, ў пятлю і павесься,
І пакуль у зямлю не зарылі,
Хоць дух будзе шыпець у бясьсільлі,—
На сваіх вісі жылах і сьмейся!

Сьмейся сьмехам - скавытам вядзьмачым.
У віхровым пасьвісьце разьвейся,
І над сьветам разьюшаным, сьпячым,
Над жывымі трупамі і плачам
Ты лунай, вочы рві сабе… й сьмейся!

*

Ха-ха-ха-ха! Душу сваю выні,
Палажы на далонь і надзейся,
Што павераць табе, што ня згіне
Ўся прысяга твая ў чорнай ціне
Перасудаў людзкіх… Ха-ха! сьмейся!

Сьмейся сьмехам-хрыпеньнем быдляці
З перарэзаным горлам і грэйся
Ў гэтым храпе скрозь стоги і пракляцьце,
І не важся да сэрца ўздыхаці,
Ласкі ждаць… Хоць крывёю, а сьмейся!

3/I—15 г.

|}


У БЯССОНУЮ НОЧ.

Ах, як страшна мне гэта бязсонная ноч!
Сколькі мукі, цярпеньня прыносіць з сабой!
Я змагаюся з ёй, ад сябе ганю проч,
Дый самлела ўпадаю, з сваёй барацьбой.

Разарваў-бы, здаецца, я грудзі свае,
Сэрца-б вырваў і кінуў на ўцеху ўрагом…
Дайце сьмерць, хай ня чую, што ноч мне пяе!
Дайце сілы!.. О, Божа! Нікога кругом!

Ах! што гэта?—Раскрылася неба й зямля,
Рай і пекла зьмяшаліся ў процьму ў вадну,