Старонка:Spadchyna.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 90 —

НАШТО?

Нашто губляць парывы чыстыя
Таёмных дум сваіх, сваёй душы
Для тых, што стопчуць іх бязьлітасна,
Ці высмакчуць з цябе іх, як вужы?

Нашто трывожыць сэрца беднае,
Жаданьнем ласк, сардэчнага цяпла?—
Ўсё роўна збэсьцяць тваё сэрцэйка,
Сьвятое вырвуць з яго ўсё да тла,

Нашто, як жабраку, вымаліваць
Ўсё тоё, шо ты заслужыў жыцьцём?..
Знай, доля к тым не прысуседзіцца,
Хто жабранінай гоніць дзень за днём.

Ідзі праз сьвет з вачмі адкрытымі,
Ў грудзёх гадуй, як сталь. і моц і гарт,
Глядзі ўвакруг свабодным сокалам,
І крэпка знай, чаго ты ў сьвеце варт!

Не паніжай сам духа вольнага
І ў паніжэньне іншым не давай;
Над рабскаю таўпой асьлепленай,
Над злом зямлі у высь, да зор сягай!

15/II—15 г.


СЬМЕЙСЯ!..

Ха-ха-ха-ха! Будзь весел, кінь хныкаць.
Ўпіцца кроўю сваёй не спадзейся!
Можаш сэрца рваць, выці і клікаць,—
Можаш з сэрца свайго молат выкуць,
Толькі ўдарыць ня сьмей ім, а сьмейся!

Сьмейся сьмехам-сычэньнем праз скрогат
Перадсьмертны зубоў і расьсейся.
Ў гразь жыцьця, ў пекла, Дантава рогат!
Каб аж косьці ўстрасаў дзікі дрогат,—
На пацеху сьляпой дзічы, сьмейся!