Старонка:Spadchyna.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
— 55 —

ДУМКА.

Эх, мой братка, эх, мой родны,
Што так спахмурнеў:
Ці ты зьбіўся з пуцявіны,
Ці саўсім ня меў?..

— Якжа мне вясёлым быці,
Якжа ня тужыць:
Доля наша, доля цёмных
Каменем ляжыць.

Глянь на нашы хаты, вёскі,
На шнуры, на край,
На народ зірні сярмяжны,
І тады пытай.

Столькі тэй крыві чырвонай,
Столькі сьлёзных рэк
Разышлося, разьлілося
Крыўдна з веку ў век.

А заплатай, а падзякай
За мільёны ран—
Ўсё крыжы і наспы тыя
Ды нямы курган.

— Ня сумуй, брат! Бліснуць зоры,
Шчасьця ўскрэснуць дні;
Долі, волі ўзойдзе кветка,
Са сьлёз і крыві!

1908 г.


ХАЙ-ЖА ВАМ ТАК НЕ ЗДАЕЦЦА…

Хай-жа вам так не здаецца,
Што бяда ўжо і зацісьне,
Знайце, ліха ператрэцца,
І маланкай доля блісьне.