Старонка:Spadchyna.pdf/210

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 208 —

—Знаю, знаю!—так суседу
Адчыкрыжыў Янка:
Бокам вылезе мне ў небе
Гэта абяцанка!

Як паткнуся,—ўраз пагоняць
Да ўсякай работы:
То сядлай каня для Юр’і,
То чысьць яму боты.

Або ўпоўнач ўстань і сонца
Запалі да золка,
Вытры з пылу усе зоры,
Месяц выбель лоўка.

Завядзі машыну з ветрам,
Папраў з дожджам сіта,
Натаўчы у ступе граду,
Ды яшчэ ня квіта:

—Папіхай хутчэй, гад, хмары!
А пярун дзе кінуў?
Набівай, страляй! Маланкай
Сьцёбай, каб ты згінуў!

Янка тутка, Янка тамка,
Хоць ты ў пекла прыся!
А прыдзірак ад сьвятых ўсіх
Сколькі нацярпішся!..

1914 г.

|}


БУРАЛОМ.

Пахіліўся дуб да дуба
Ды бурчыць, гамоне:
—Што-то вецер вельмі груба
Загуляў сягоньня!

Паглядзі, сусед, на пушчу,
Як трашчаць галіны,—