Старонка:Spadchyna.pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 169 —

Раз неяк тудою князь ехаў,
Што бітвамі славу прыдбаў;
Заехаў да іх на папаску,
Заехаў—і іх спадабаў.

Адну з трох за жонку ўзяць хоча,
Катору—ня знае і сам,
І князя яны спадабалі…
Ручыць, як-то кажуць, князям.

Вось ён ім і кажа загадку,
Работу такую дае:
Вазьму я з вас тую за жонку,
Каторая лепей сьпяе.

Запелі дзьве старшыя князю,
Запелі, як той салавей;
Запела малодшая князю,
Запела ад тых прыгажэй.

І меншую выбраў за жонку,
Чакаці ёй кажа сватоў;
Сам ладзіцца едзе к вясельлю,
Склікаці гасьцей і дружкоў.

А старшые думаюць сёстры,
Яе зьвесьці малодшу сястру,—
Атрутай няшчасную пояць
І кідаюць цела ў віру.

Як страшнае скончылі дзела,
Напаў і на іх самых страх:
Адна паляцела на захад,
Другая на ўсход знашла шлях.

Князь едзе з дружынай у сваты
І з скарбамі княжства свайго…
Находзіць маркотнага бацьку,—
Дачок не знаходзіць яго.