Старонка:Spadchyna.pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 99 —

Стрэціць зорку-зараніцу,
Прасьлязіцца з ёй сьлязою,
І сплыве ўплаў на зямліцу,
Разаўецца дзермязою.

Ў полі здольна з ветрам разам
Зажартуе, ў танок сходзе;
Згодна з борам важным сказам
Завурчыць аб непагодзе.
Ў лесе лісьцем зашалесьце,
З птушкай птушкай зашчабеча;
Па пуціне кіне весьці
Суму, шчасьця хаце нейчай.

І лунае, так лунае
Гэта песьня па ўсім сьвеце.
Плоту, путаў ані знае
Ад сталецьця да сталецьця!

29/X—18 г.

|}


МУСІЦЬ ТРЭБА БЫЛО.

Пасьвячаю Вл. Cтанкевічанцы.

Ці на небе ня мільён зорак льсьніць!
Кожна зорка дзесь кагось весяліць.
Толькі-ж месца там ня стала
Для аднэй, што мне-б міргала…
Мусіць трэба было!

Ці-то мала ўдоўж і ўшыр вырас сьвет?—
Для ўсіх даў ён і прыпын і прывет.
А я век, як тое зданьне,
Не знайшоў сабе прыстаньня…
Мусіць трэба было!

Ці дарожак і на захад і ўсход
Легла мала на зямлі з году ў год?
Бо сьлед к шчасьцю на ўсім сьвеце
Ня судзіў мне Бог сустрэці.
Мусіць трэба было!