Старонка:Son na kurgane.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ну, адрывайся, пракляты запор,
До' жартаваці са мною!
Сілы, больш сілы! ах, каб цябе мор!
Зноў не пакратаць рукою.

Сам (выбіваючы ізноў тапор).

Зубамі грызі, війся ў ранах,
Сэрцам бі ў камень, як звонам,
Крывёю парог злі цэгляны,
Трупам тут ляж безгалоўным,

І с сьвету таго выглянь марай,
З небам аплутаўшысь дружбай -
Удар пярунамі с-пад хмараў, -
Я не пакіну тут службы.

Сам (шукаючы тапара).

Дома ўжо нельга мне далей так жыць, -
Дом мой магілай халоднай;
Каменем поле сьцюдзёным ляжыць,
Плёны зьмёў вецер галодны.

Марна пад кроквай ржавее каса,
Недзе ўчапіці нарога...
Толькі чырвоная ўсюды раса,
Толькі к неўдачам дарога.

Гадзіны ўюцца вяроўкай ля ног,
Смокчуць кроў з жылаў піяўкі;
К Богу звярнуся - маўчыць нема Бог,
Сьцелючы ў пекле прылаўкі.

Людзі!.. Што людзі? Ці ёсьць дзе між іх
Годны адзін хоць у людзі:
Мутнасьцяй, трупам нясе ад усіх;
Пошэсьцяй поўные грудзі.