І афіцэр напісаў „Mensch“.
Бартэк паходзіў з вёскі Пагнэмбін. Вёсак з гэткім самым назовам вельмі шмат у князьстве Пазнанскім і іншых акругах ранейшае Польшчы. Гаспадарка яго складалася з зямлі, хаты, пары кароў і шэрае кабылы. Ен быў жанаты, і жонку яго звалі Магдаю. Жылося яму, як Бог даў, і толькі, калі Бог даў вайну, Бартэк быў вельмі стурбованы. Прышло паведамленьне, што трэба йсьці ў салдаты, трэба кінуць хату, зямлю і здаць усё гэта пад бабіну апеку. Жыхары Пагнэмбіна былі досіць беднымі. Бартэк звычайна зімою хадзіў на фабрыку, і заробленыя тамака грошы былі падтрыманьнем для яго гаспадаркі - а цяпер, што будзе? Хто ведае, калі скончыцца вайна з французам! Магда, прачытаўшы павестку, заклікаўшую яе мужа на вайну, пачала праклінаць немцаў:
— А каб яны загінулі! каб яны пасьлеплі… Хоць ты й дурны… а ўсё-ж такі мне цябе шкада; французы не дадуць табе пардону і адсякуць галаву.
Бартэк пачуваў, што жонка кажа праўду; французаў ён баяўся, як агню, дый да таго яму было сумна. Што яму благое зрабілі французы? нашто і для чаго яму туды йсьці, на гэту страшную чужыну, дзе няма ў яго ніводнае блізкае, спагадлівае душы. Як сядзіш у Пагнэмбіне, дык здаецца, быццам ні тое, ні сёе, а як загадаюць ісьці, тады толькі бачыш, што тут ляпей, чымся дзе-нібудзь у іншым месцы, але ўжо нічога не