Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

щить) къ русской культуре"[1] і г. д., усё накіроўваецца да таго, каб беларуса зрабіць рускім, іншы раз нават і пры дапамозе беларускай мовы. Сам-жа беларускі народ разглядаецца губернатарам, як „этнографический матеріалъ“[2], які трэба выкарыстаць для русіфікатарскіх мэт „единой и нераздѣльной Россійской Имперіи"[3].

Пры такіх адносінах расійскага ўраду да Беларусі і яе мовы нельга дапусьціць магчымасьці, каб царскі ўрад згодзен быў на вольнае друкаваньне літаратуры на беларускай мове, чым ён зводзіў-бы на нішто ўсе прынцыпы і мерапрыемствы па русіфікацыі Беларусі. Узяўшы пад увагу гэтыя акалічнасьці, зусім зразумелы шматлікія сьведчаньні аб забароне ў ХІХ ст. беларускага друкаванага слова. Забарона беларускага друку ці праўдзівей уціск беларускага друку, пры адсутнасьці спэцыяльнай офіцыйнай забароны, рабілася на мясцох стасоўна да розных забарон і цыркуляраў, што былі выданы ў адносінах да іншых нацыянальнасьцяй, як гэта было зроблена пры конфіскацыі „Пана Тадэуша".

Будучыня пры дапамозе новых архіўных і ў асаблівасьці мэмуарных даных высьветліць усе няяснасьці ў закранутым пытаньні, як, напр., гісторыю з „Вязанкай“ Няслухоўскага і інш.

ІV.

На грунце ўсяго вылажанага дазволю сабе зрабіць наступныя вывады:

1) Першая забарона беларускага друку адбылася ў 1859 г. ў сувязі з лацінскім альфабэтам.

2) Да 1859 г., ў тым ліку і ў часы скасаваньня вуніі, забароны беларускага друку ня было.

3) Офіцыйныя даныя аб забароне беларускага друку пасьля 1859 г. пакуль што ня знойдзены і з гэтай прычыны прыстасаваньне памянëнай забароны да пэўных дат трэба лічыць нічым не угрунтаваным.

4) Агульная палітыка расійскага ўраду ў адносінах да нацыянальных меншасьцяй і шэраг мясцовых адміністрацыйных мерапрыемстваў сьведчаць аб тым, што расійскі ўрад ня мог згадзіцца з вольным разьвіцьцём літаратур на „бѣлорусскомъ и малорусскомъ нарѣчіяхъ русскаго языка".

5) Па меры патрэбы расійскі ўрад выкарыстоўвае беларускую мову для найлепшага правядзеньня русафікацыі і для вялікадзяржаўных мэт, адначасна не дазваляючы праяўляцца, „провинціальному патріотизму“.

  1. Ibid., c. 15.
  2. Ibid., c. 14-15.
  3. Ibid., c. 20.