Старонка:SLOVA.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ці не лепей было-б, каб нам, брацця, пачаць старадаўнымі словы тужліву аповесць аб паходзе Ігаравым, Ігара Святаслаўліча?

Дый пачаціся песні той сягачасным ладам, а не складам Баянавым.

Баян бо чарадзейны, калі каму песню хацеў утварыці, то расцякаўся мысляй па дзераву, воўкам шэрым па полі, арлом сізым пад воблакі.

Помнячы бо, скажам, даўных часаў разруху, выпушчаў дзесяць сокалаў на лебедзяў стада, а якую з іх дагоніваў сокал, тая першая песню пяяла старому Яраславу ці харобраму Імсціславу, што зарэзаў Радзедзю перад войскам касожынскім, або краснаму Раману Святаслаўлічу.

Але, брацця, Баян жа не сокалаў дзесяць пускаў на лябяжае стада, - ён свае чарадзіўныя пальцы на струны жывыя ўскладываў, а тыя князям самі славу галосілі.

Дык пачанем жа гэтую, брацця, аповесць ад старага Ўладзіміра да Ігара сягачаснага, што скаваў розум сілай сваёй і навастрыў сваё мужнасцю сэрца; напоўніўся духу барацьбянага і павёў сваё войска адважнае на землі Палавецкія за Рускія землі.

II

Тады азірнуўся на светлае сонца Ігар і бачыць пакрытымі цемрай ад сонца ўсіх сваіх вояў. І скажа Ігар тут дружыне сваёй:

"О, брацця й дружына! лепей-жа быці пацятаму, чым быці ў палоне. Пасядзем-жа, брацця, на быстрыя коні свае зірнуці на Дон сінявокі".