Старонка:SLOVA.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На вум князю ўспала жаданне, не гледзячы з неба варожбаў, паспытываць Дона вялікага.

«Хачу бо, кажа, дзіву заламаці аб поля канец Палавецкага: з вамі, русіны, хачу сваю голаў злажыці або напіціся шоламам Дона».

О, Баяне, часінаў старых, салавейча! Апяяў-бы ты гэты паход, імкнучы салоўкай па дрэву выдумнаму, духам сягаючы воблакаў, славай звіваючы гэтага часу абедзве паловы. Траянавы сочачы след, цераз поле на горы! Песню спяяў-бы тады для Ігара, унука таго:

«Не сокалаў бура занесла праз поле шырокае,
Галіцаў стады каціліся к Дону вялікаму»…

Або апяяці было, чарадзейны Баяне, Велеса ўнуча:

«Коні іржуць за Сулаю,
Слава звініць у Кіеве,
Трубы трубяць у Ноўгарадзе»…

Сцягі стаяць у Пуціўле, жджэ Ігар мілага брата Усевалада. І скажа яму буй тур Усевалад:

«Адзін брат, адзін свет светлы ты, мой Ігару! Абодва з табой Святаслаўлевы дзеці. Сядлай, браце, быстрыя коні свае, а мае для цябе нагатове ўжо асядланы ўперад ля Курска. А куршчане мае табе ведамы кметы: пад гудамі трубаў радзіліся, пад шоламамі ўзгадаваліся, канцом дзіды ўскормлены; ім шляхі вядомы, ім рыцьвы знаёмы, лукі ў іх нацягнуты, сто стрэл нарыхтована, шаблі навостраны, самі яны імчацца, як шэрыя ваўкі па полі, шукаючы чэсці сабе, а князю славы».

Тады князь Ігар уступіў у залатыя страмёны й паехаў па чыстаму полю. Сонца яму цемнатой заступіла дарогу: ноч, стогнучы грозьбы яму, разбудзіла птушшо, а выццё звярынае ў стады іх збіла; Дзіў кліча паверх лесу, слухаць наказвае зямлі незнаёмай — Волзе, і Памор’ю, і Пасулью, і Суражу, і Карсуню, і табе, тмутараканскі балване!