Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

V.

Досьвета, другога дня, Андрэй ужо кошкаўся ў хлеве. Запаліўшы газоўку, павесіў яе на сьцяне і ўзяўшы сахор, Андрэй аткідаў гной ад сьцяны с таго боку, дзе было вышэй. Чорная карова з аднэй загародкі, цялушка-выпустка — з другой і чырвоны конік ўставіліся пільна на гэту цікаўную дзею. Толькі адна сьвіньня не хацела зьвертаць увагі на Андрэя. Яна спакойна лежала ў сваім бярлогу і, здавалася, ніколечкі ня дзівілася, якбы даўно ведаючы, што і чэлавек зазвычай бывае сьвіньнёй. Прабраўшы ямку і выслаўшы яе саломаю, Андрэй перанёс сюды з гумна дубкі, закрыў іх тоўстым пластам саломы і наверх нагарнуў гною. Скончыўшы работу, Андрэй акінуў вокам гэты куток, і на твары яго зьявілася усьмешка здаволеньня.

Згніюць тут, калі я сам не дастану іх — сказаў сам сабе Андрэй, і спакойна вышаў на вуліцу. Тут ён пастаяў, высмактаў люляк са дзьве, павітаўся с суседзямі і суседкамі, каторые ішлі па ваду, і, як чэлавек, катораму німа чаго баяцца, пашоў уладжы-