Перайсці да зместу

Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Малады дубок.


I.

— Ну, і людзі! — гаварыў сам сабе Максім Заруба: — ну, ўкраў, ну, сьсек, хай цябе ліха сячэ; ды не рабі-ж ты на зьдзек чэлавеку, не рабі так, каб кожнаму кідалася ў вочы тваё зладзейства, гіцлю!

Максім старанна аглядаў сьляды недаўнай кражы ў яго абходзе. Высокі, ў палавіну чэлавека, дубовы пень ясна выдзеляўся сярод дзерэвяк і сьвяціў сваім сьветла-жоўтым верхам і сьвежымі трэскамі вокал, а шырокая, разложная верхавіна і атсечаные сукі пазіралі так невясёла, так сумна, бы тые пакінутые бацькам дзеці. Зірнуўшы ў гару, Максім угледзіў маладую бярэзінку з абламанымі галінкамі.