Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нілі людзі хараство тваё, божае неба, у сваіх думках!

А дарога мая чуць віднаю, шэраю ніткаю ідзе ўсё далей і далей, круціцца, абвіваецца ўвакруг курганоў, узбегае на горы, спушчаецца ў лагчыны, прападае у лесі пад жывою страхою высокіх хвой і елін; трасе цялежка, паткідае па каўдобінах, усё роўна, як хочэ яна выкінуць мяне пасярод дарогі. Зноў пашла раўней мая дарога, зноў вочам аткрываюцца новые абразы божаго сьвета, іншые галасы чуе маё вуха, іншые думкі родзяцца у маім сэрцы.

Куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?

О, мой родны край! Хмурна пазіраеш ты с сіняго тумана, што лёг па краёх палёў, гдзе неба, спусьціўшыся нізка, абнімаецца з беднаю зямлёю. Парэзалі цябе вузкіе селянскіе дарогі, чорные сьцежкі рэкі і азёры, лахчыны і балоты, лясы і горы. А бедные вёскі і сёлы без уселякаго парадку параскідаліся то там, то сям: па горах, лахчынах, па беразі рэчак, сярод далёкаго поля, па цёмных лясох. Пакрывіліся хаты, абвіслі стрэхі на гумнах, сініе купіны моху таўстою карою ляглі па гнілых саломяных стрэхах. Збіўся ў кучу бу-