Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дынак. Распаўзліся па полю, як чэрві у нягоду, бедные мужыцкіе хаты. Навалены ў кучу бярвеньня, стружкі, салома. Дзе-не-дзе гляне нудная вярбіна, блісьне бярэзіна, выскачыць клён. Як нявесела, як непрытульна пазіраеш ты, мужыцкая вёска, сірата між людзкой будовы!

А поруч з убогімі людзкімі будынкамі упёрліся ў неба панскіе палацы, зеляненеюць сады, ломюць гальлё яблыкі і грушы; шырока і сьмела раскідаюцца дваровые палеткі, каласуюцца багатые панскіе нівы, пасуцца сытые коні, валы-рагалі, тысячы авец разсыпаюцца па полю… О, мой родны край! Поруч з галітвою ходзіць роскаш і багацьце; разам з людзкімі слёзамі мешаюцца панскіе вальцы, льюцца вясёлые галасы песень, грыміць ммзыка с панскаго саду; разам з мужыцкім потам цякуць дарагіе віна.

Толькі нудные песьні твае, Беларус, хапаюць за сэрцэ, жалобяць душу, туманяць вочы сьлязьмі, плачуць і стогнуць, і горкаю упекаю, ціхаю скаргаю плывуць к далёкаму, няведамаму, сінему, спакойнаму небу.