Старонка:Pesni galby 1910.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына!
Потым думкі непрыкметна
Далей залетаюць,
Чужаніцы непрыветна
С курганоў мігаюць.
Матка страхоў наказала
Пра жыцьцё с чужымі
І Алеся навучала,
Як ужыцца з імі:
— „Трэба змоўкнуць, хоць часамі
Скрыўдзяць цябе, ўсчуюць,
Хоць нядобрымі славамі
Злосна пажартуюць.
Будзь паслушны і цярплівы,
Не лазь ў агароды,
Не марнуй ты людзям нівы,
Не рабі ім шкоды…“
Адным словам, страх нагнала
На Алеся матка.
І так міла яму стала
Родная іх хатка!
Ды нічога не парадзіш,
Калі служба трэба,
Калі беднасць, як паглядзіш,
Сама просіць хлеба.
Дый Курганы не за морэм —
Восем вёрст ад дома,
Над рэкою, за тым борам,—
Мейсцэ ўсё знаёма.