Старонка:Pesni galby 1910.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РОДНЫЕ ПЕСЬНІ.
Вісьне скарга уздоўж Нёмна,
Беларусі сына…
Як ты бедна, як ты цёмна,
Родная краіна!
Збіты ў кучы твае вёскі,
Ӯ зямлю стрэхі ўходзяць;
Нуднай песьні адгалоскі
Лес, курганы родзяць.
Крыж хваёвы, знак пакуты,
Тут і там чарнее:
Даль паўнютка ціхай смуты;
Жаль на душу вее!
Ӯсё ў табе, мой родны краю.
Усё спавіто горэм:
І той вецер, што дзьме з гаю,
Што шуміць над борам;
Тая песьня, што на полі
Жнеі засьпеваюць.
Тые думкі, што да болю
Сэрцэ калыхаюць…
Ӯ маім сэрцы горэ гэта
Одгалос знаходзіць;
Сэрцэ-ж жалем абагрэто
Песьні смутку родзіць.
Нехай плачэм ў сіняй далі
Песьня разліецца,
Каб ўсе людзі ў сьвеце зналі.
Як нам тут жывецца.