Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І па чарзе ўсіх пералае,
— Ну-ж і «Рачок»! Ото-ж узьеўся!
Чаго на нас ён так насеўся? —
Казаў, часамі, дзядзька дома: —
І як служыць тут — невядома.
Ото-ж зараза ўжо прыўдасца!
На што на сьвеце гэта трасца?
Служы яму ты ўсёй сям’ёю,
А сам ты хоць жабруй зімою.
Сказаць, ну, меў-бы ты пасаду,
Дык чорт-бы з ім, цярпеў-бы гаду,
Але што тут? асот, галота,
Шэсьць дзесянцін — чаго? балота!
Другія маюць па валоках,
Як Ліхтаровіч у Затоках.
І што-ж? адзін ён службу мае,
Ніхто туды не зазірае,
Ніхто там сьвету не завяжа
І, нават, носу не пакажа.
А ты круціся, хвост авечы,
Канца няма той талачэчы,
Ну, проста служба гэта гадзіць, —
І кожны нос тут свой усадзіць.
— Вядома, хто дольш ад кватэры,
Таму менш стукаюць у дзьверы,
Да іх дайці ня так-то скора,
І там жывуць сабе бяз гора, —
Гаворыць з зайздрасьцяй і маці: —
А тут, як дзе на воўчай гаці,
Як на пярэсмыках якіх,
Цябе трывожаць кожны міг.
Але-ж і самі вінаваты,
Калі так коціцеся з хаты,
Дзе толькі пан ні загадае.
Ці-ж ён на гэта ласку мае?
Чаму-ж на вас і не палегчы?
Чаму ў хамут вас не запрэгчы,
Калі яго так баіцеся
І так за службу берацеся?
Адзін, вось, служыць — ну, і годзе!
Што патураць яго тэй модзе?
Дзе-ж? мала двух, дык трэці Ўладзя!