Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ўкладаў у землю свае сілы.
На божы сьвет, як-бы з магілы,
З зямлі травінкай далікатнай
Густою шчотачкаю здатна,
Ўсхадзілі дробныя зярняткі.
Як у калысачцы дзіцятка,
Калі ўжо трошкі акрыяе,
Сваю галоўку падымае
І навакол глядзіць зьдзіўлёна, —
Так гэта збожайка зялёна,
Да сонца, ймкнулася лісткамі,
Бы к матцы дзіцятка рукамі.
Тымчасам хлопцы падрасталі,
Старэйшым дома памагалі.
Прайшоў гадок, мінуў другі,
У касьбу запахлі мурагі.
На полі ветла, самавіта
У рад стаялі копкі жыта,
Так аздабляючы загоны.
А на гародзе мак чырвоны,
Раскрыўшы гожыя лісточкі,
З іх ткаў прыўдалыя вяночкі
Вакол галоўкі маладзенькай,
Такой прыгожай, зеляненькай.
І часта ў добрую пагоду
Ідзе Міхал дамоў з абходу
І хоць чуваць, што баляць ногі,
Аде зварочвае з дарогі
І робіць крук, бо як стрымацца,
Каб не зайсьці палюбавацца,
І ярыною і жытамі?
Ідзе, а ветрык з каласкамі
Вядзе прыемную размову
І цешыць душу лясьнікову.
Міхал падыдзе і прыстане,
Усю лаву жыцейка агляне
Ды возьме ў пальцы асьцярожна
Яшчэ нясьпелы і парожны
Ён колас жытні і паглядзіць,
Рукою лёганька пагладзіць,
Нібы сынка свайго малога,
І ў сэрцы дзякаваў ён бога.