Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І сну няма, ня лезе страва,
Жыцьцё… ды што жыцьцё такое?
Эх, глупства, глупства ўсё, пустое!
Міхал глядзіць на блеск газьніцы.
У вочы ўбіліся драбніцы —
Дрыгучы блеск і цені тыя
І танцы-скокі іх нямыя.
Яны варушацца, трасуцца,
Пустымі сьмехамі сьмяюцца,
То расплываюцца па столі,
То зноў насунуцца паволі.
Агоньчык дрыгае і скача…
Бы штось чуваць, нібы хто плача,
Ці то званочак пад дугою
Зьвініць бясконцаю тугою?
Там возы нейчыя міргнулі…
І мысьлі раптам скаканулі
У багны часаў і прастораў,
Бо ім няма граніц, запораў.
Глядзіць Міхал… што за хвароба?
Ён не адзін — іх дзьве асобы:
Адзін, Міхал — нядошлы, млявы,
Другі — здаровы і рухавы;
Адзін ляжыць, другі вандруе,
Ідзе па лесе, ў вус ня дуе
І не гадае ні аб чым.
Дурны: ня цяміць, што за ім
Таксама ходзіць хтось варожы,
Страшэнна здрадлівы, нягожы,
У нейкім доўгім балахоне
І водзіць пальцам па далоні;
Кіўне сьмяшліва, знак паложыць,
Бы штось запісвае, варожыць.
Хто ён такі? чаго ён хоча?
Чаго схіліўся і шамоча?
І нейкай тухальлю і тленьню
Нясе ад чорнага адзеньня,
І востры пах чуваць кадзіла…
Ах, гэта-ж сьмерць тут захадзіла!
Ці гэта поп?.. І ўсё прапала,
Няма і почуту Міхала.
Куды-ж ён дзеўся? Дзе ён? дзе?!
Эх, быць бядзе! ну, быць бядзе!..