Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/266

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яна насыпана спрадвеку…
Ото, мой божа: чалавеку
Заўсёды мала, не хватае, —
Антось у голас разважае: —
Ці ёсьць канец яго патрэбам?
Чаго няма пад гэтым небам!..
— Не: не здаволіш чалавека,
І будзе вечны ён калека:
Чаго-нібудзь а будзе брак,
Ужо бо створаны ён так!
Твардоўскі пан быў — мо‘ чувалі? —
Яму ўсе чэрці слугавалі
І ўсе выконвалі жаданьні,
І што-ж? шчасьлівы быў? нізваньня!
Ды ўзяць хоць нас: ня тое-ж сама?
І мы, як тая багна-яма,
Ўвесь век варушымся, зьбіраем,
Канца-ж патрэбам тым ня знаем. —
Сябры наверх гары ўзьняліся,
Аж упацелі, засапліся,
І ногі іх спынілісь самі.
А слаўны від перад сябрамі
З гары высокай адчыняўся!
Хто відам тым не любаваўся?
Ўнізу гары ляглі прыгожа,
Як-бы разоркі паміж збожжа,
Дарожкі, роўныя, крывыя.
Над імі дрэвы маладыя
Ў сваёй пакоячай цішы
Сплялі жывыя салашы.
Агромны горад, цесна зьбіты,
Ўвесь блескам сонейка заліты,
Займаў узгоркі і нізіны:
Дамы стаялі, як віціны,
То ўдоўж, то ўпоперак радамі,
То закрываліся садамі
Або дзе ўзгоркам крутабокім;
А дзе васпанам адзінокім,
Расьцерабіўшы сабе пляц,
Як горды пан, стаяў палац.
Будынкі цесна ў рад стаялі,
Як-бы адны другіх трымалі