Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/258

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Апроч паноў, у гэтай салі
І мужыкі ў куткох стаялі,
І людзі простага больш званьня
Таўкліся ў банку ўжо ад раньня;
Між імі гоман ціха вісьне,
Туды і дзядзька Антось цісьне.
Прыйшоў, суседзей зьмерыў вокам
І да сьцяны прыпёрся бокам.
— Сядай, мой мілы, мой харошы,
Бо за «пастой» ня плацяць грошы, —
Сказаў сярмяжнік дабрадушна.
На лаўку дзядзька сеў паслужна,
Ўздыхнуў, падзякаваў суседу,
Ўжо пажылому, чуць ня дзеду.
Пайшлі пытаць адзін другога,
Хто ён, адкуль, сяла якога,
Губэрні, воласьці, павету.
— Прыехаў я сюды з-за сьвету,
З пад самых Стоўпцаў — чулі можа?
— Не, не здаралася, нябожа.
— А самі скуль вы? — Я з-пад Ліды,
З сяла Вялікія Дзяміды
(Ён Грышкам Верасам назваўся);
Яшчэ са ўчора затрымаўся.
Пустая справа, ды і тую
Не давядзеш ты да ладу —
Гадоў са два яе вяду,
Як тут ні ладжу, ні мяркую…
Эх, мілы мой ты! за панамі
Няма прадыху. Хто з грашамі,
І мажа збоку, — той і едзе,
Так вось і робіцца, суседзе. —
Ён знаў чыноўніцкія сеці —
Ня дарма-ж соваўся па сьвеце,
Зямлі шукаючы з сябрамі,
І добра знаўся з пісарамі.
— Вам трэба з банку разрашэньне,
Пішэце, мілы мой, прашэньне;
І калі хочаце, параю:
Пісарчука такога знаю,
Што вам прашэнейка за злоты
Напіша з мілаю ахвотай.