Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як-бы сьпяшаецца дамоў
Замчаць сваіх гаспадароў.
А новы дзень, даўно жаданы,
Ўжо сыпле багру на курганы,
І стрэлы-косы залатыя
На ўзгоркі падаюць крутыя.
А хмаркі ў фарбах злоталітых,
Ў шаўкох, агністых аксамітах,
То паасобку, то гурткамі,
То залатымі ланцужкамі,
Як-бы спыніўшысь нярухліва,
Усьмешкі кідаюць шчасьліва, —
І ім хацелася, відаць,
Сьвяты Вялікаднік вітаць.
— Ну, едуць, едуць — Алесь з хаты
Бяжыць да дзядзькі і да таты,
І дзеці кінулісь к парогу.
— Ну, вось, і дома, дзякуй богу! —
Прышлі у хату, ўсіх цалуюць,
З сьвятым Вялікаднем віншуюць;
Памылісь борзьдзенька, садзяцца,
Бо час даўно ім разгаўляцца.
Абрусам белым стол накрыты,
Ўсё мае выгляд самавіты;
Мужчыны добры і прыветны,
Ніякай цені незаметна.
На бэльку кінуў бацька вочы,
Бярэ кантычку і гартае,
«Вэсолы нам дзісь дзень» шукае.
Хоць сьпевы слухаць неахвочы,
Але трымаюць дзеці згоду,
Бо ўжо вялось так год ад году.
«Вэсолы» ў «ксёнжцы» дзесь прапалі,
Насілу ў двох іх адшукалі
І раптам дружна зацягнулі,
Як-бы іх пугай сьцебанулі;
І маці голас далучае
І так танютка вырабляе,
А гаспадар ўсё болей з баса
Утне такога выкрунтаса,
Аж сам падзівіцца сабе
І стане горача табе.