Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— Унь дзядзька йдзе! — гукаюць дзеці.
Забылі ўсё яны на сьвеце
І, як мага, бягуць, сьмяюцца,
Аж іх валосікі трасуцца.
— А, дзядзька! дзядзечка, саколік!
Насып мне ягад у прыполік!
— Дай мне дубец! — А мне дай вуды! —
Крычаць малыя шалапуды,
Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі.
А дзядзька мерна йдзе з-за кладкі,
Ідзе бяз шапкі, круціць носам —
Гаворыць пацеры з засосам;
Для сьмешак твар яго зацяты,
Дык, моў, ня лезьце, парасяты.
І дзеці змоўклі, больш ні слова:
Няхай канчаецца размова
Антося дзядзькі са сьвятымі,
Тады пагутарыць і з імі.
А покі кончыць ён маліцца,
То можна ў Сьвержні апыніцца:
Псальмоў адкоціць з поўдзесятка
Ды так выразна, ды так гладка,
Што й дзяк ня ўсякі гэтак зможа —
Як рэпу грыз, даруй грэх, божа!
Не гаварыў — а сек языкам!
Маліўся дзядзька з тым разьлікам,
Каб кончыць модлы каля дому,
Бо ў хаце нельга, ёсьць вядома,
Маліцца хораша, як трэба:
Тут глупства кожнае ад неба,
Ад бога думкі адкідае,
То тое-сёе замінае
І не намолішся — нагрэшыш
Ды чорта лысага пацешыш.
І толькі дзядзька на двор ступіць,
Дык кулаком у грудзі лупіць,
Тры разы хрысьціцца, ўздыхае,
Тады ўжо шапку накідае
І ставіць вуды ўсе ў парадак.
— Ну, што? наеліся аладак? —
Жартуе дзядзька тут з малымі
Ды йдзе ўжо ў хату разам з імі.