Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Мука і квас — і ўся прыправа,
Але ўсё-ж сьнеданьне цікава;
А для дзяцей найбольша сьвята
Абы наесьціся заўзята.
І звон аб прыпек скавародны,
Так блізкі сэрцу, так ім родны,
У нейкім радасным настрою
Сьпяваў ім песьняю сьвятою
І лашчыў сэрцы іх і вушы
І поўніў радасьцю ім душы,
Такі прыемны, мілагучны,
У тэй прыемнасьці выключны,
Ён разьліваўся па ўсім целе
І ў момант іх зьнімаў з пасьцелі.
Ня дарма-ж дзядзька іх, бывала,
Каб пабудзіць каго з іх жвала
Пагнаць каровак ранічкою,
У прыпек біў скаварадою.
Цяпер, здаволіўшысь ядою,
Дзяцінай цешылісь гульнёю.
Хто бегаў з кіем каля хаты —
Ганяў курэй. Як парасяты,
Ў пяску капаліся сястрычкі.
Алесь хадзіў каля крынічкі,
Што з лесу тут-жа выцякала
І дужкай хату агібала,
Хадзіў, сьвістаў пад голас птушак,
Зьбіраў ён ягадкі ў гарнушак.
Ўсе парасходзіліся з хаты,
І кожны дзелам быў заняты:
Міхал у лес пашоў ранютка
Рабіць звычайныя абходы;
Антось спаць доўга ня меў моды,
А як надарыцца мінутка
Часіны вольнай ці сьвяты дзень,
Ну хоць адзін разок на тыдзень
Хадзіў на Нёман ці на тоні —
Рыбак быў дзядзька наш Антоні,
Як і работнік, адмысловы;
А Ўладзік пасьвіў дзесь каровы,
Травіў чужыя сенажаці;
А дома з дзецьмі была маці.