Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Пан Фабіян і ты, Кандраце,
Яхім і Ян і Юрка-браце!
Ну, проша-ж, проша! — Пасадзілі,
Такім-жа чынам упрасілі
Жанок прысесьці тут на ўслоне.
Антось у ход пусьціў далоні
І коркі спрытна, выбівае —
Так, што зьдзіўленьне выклікае.
Крыніцы бурнага натхненьня,
Мінут вясёлых, ажыўленьня,
Стаяць, як біскупы, бутэлі,
І ласа ўсе на іх глядзелі.
Ляжыць гарамі ў іх падножжы
Закуска, гэта міласьць божжа:
Тут сыр, як першы сьнег, бялюткі,
Каўбас прыемнейшыя скруткі,
Што толькі ёсьць у Беларусі.
А масла!.. Не! маўчу, баюся
У час пайковай суяты
Дражніць пустыя жываты.
Мой мілы Янка, мой Купала!
Ў агульны вір нас доля ўгнала.
Чаму-ж, чаму часінай тою
Мы не спаткаліся з табою,
Каб стол сялянскага банкету
Разьвесяліў душу паэту?
Міхал тут чарку налівае.
— Ну, да каго-ж мне піць? — пытае,
Гасьцей абводзячы вачыма.
— Пускай з канца, пачні з Яхіма.
— Ну, кум Яхім, стары дружака!
Няхай міне нас гора ўсяка;
Дай божа добрую прыгоду,
Каб больш на лета было мёду;
Каб мы пілі, яшчэ прасілі,
Каб на галовах захадзілі.
Дык будзь здароў! — Ну, дай-жа, божа!
— За ваша, госьцейкі, здароўе! —
І пасьля гэтага прыслоўя
Міхал куляе чарку гожа;
Глынуў і губы абцірае,
Яхіму чарку налівае.