Старонка:Nashy dni 1937.pdf/76

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Па сходзе многіх дзён
Я зноў зірнуў у вочы родным долам…
Зняменне, ціш і сон,
Убоства і прыгон,
За крыжам крыж, астрогі і касцёлы.

Зноў сунуцца з імглы
Забытыя малюнкі і настроі:
„Двухглавыя“ арлы,
Жандар, тупы і злы —
Прыпеўкі усё з той оперы старое!

Вось ён, другі жандар…
Нутро адно, хоць іншае аблічча:
Насунут брыль на твар,
Ён бог тут, ён тут цар
І „польскасці“ ахова ў прыграніччы.

Гляджу, лаўлю вакол
Знаёмыя і выцвеўшыя рысы.
Дзе-ж люд, ярэмны вол?
Спусціўшы вочы ў дол,
Ён ходзіць дзесь, адцёрты за кулісы.

Дзе-ж посуды паноў,
Іх лёкаяў аб роўнасці, аб волі?
У дзвеньканні званоў,
У звоне кайданоў,
У свісце бізуноў,
У голадзе, асадніцтве, падполлі!