Старонка:Nashy dni 1937.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Я не ведаю, дружа мой, Янка,
Што сказаць табе сёння.
Прамільгнулі гады, як маланка,
У парнаскай пагоні.

Было многа дарог і прыгодаў
І спатканняў пад чарку…
Настрыножыць-бы вас, збегі-годы.
Паскідаць-бы вас з карку.

А ярлык мець „старых“ не цікава,
Няхай бог яго крые.
Не міла табе нават і слава,
Калі скажуць „старые“.

Ды „старымі“ завуць нас па злобе,
Ёсць на гэта прычыны, —
Каб нас проста, як кажуць, угробіць.
А за што? З-за жанчыны.