Старонка:Na rostaniah 2.pdf/346

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Голас у яго быў праз меру танклявы, дый песні падбіраў ён жаласныя, пераважна астрожныя.

Говорила сыну мать —
Не водись с ворами:
В Сибирь-каторгу сошлют,
Скуют кандалами.

З вялікім натхненнем спевака заліваўся Лазар, надаючы свайму голасу самую тонкую лірычнасць. Спяваў ён выключна для самога сябе і ў спевах знаходзіў найвышэйшую асалоду. Як ставіліся жыхары камеры да песень, Лазара мала цікавіла. На дзеда Юзафовіча, як і на шмат каго з карэнных жыхароў камеры, Лазаравы спевы рабілі самае непрыемнае ўражанне. Але навошта псаваць чалавеку настрой, калі ў песнях забываў ён астрожную няволю?

— А бадай ты захлынуўся гэтаю сваёю песняю! — ціха бурчаў дзед Юзафовіч, але так, каб пачуў Уладзік.

Дзед любіў Уладзіка і кампанаваў з ім болей, чым з іншымі. Калі часамі Уладзіку нядужылася, дзед накрываў яго нанач сваёю бравэркаю. Назаўтра Уладзік уставаў здаровы.

— Ну, дзеду, у вашай бравэрцы захована лекавая сіла,— казаў Уладзік, аддаючы Юзафовічу вопратку.— Прапацеў, і як рукой зняло!

Дзед быў рады, што яго пацыент адчуваў сябе добра і што бравэрка адыграла ў гэтым дадатную ролю.

На дзедава абурэнне песнямі Лазара Уладзік казаў:

— Сапраўды, гэта не спевы, а скуголенне сабакі, які не прывык яшчэ да ланцуга. Ды няхай спявае. Цешся, ліска, вяселле блізка — каўбасы з’ясі.

Але часамі абураўся і Уладзік:

— Кінь ты, Лазар, цягнуць лазара! Слухаць моташна!

— Дык ты не слухай,— адказваў спакойна Лазар.— I што гэта за жыццё? За што ж я змагаўся на волі? Тут, брат, астрог, і я раблю, што хачу.

— Дуй, дуй, брат Лазар! — ці то сапраўды, ці то ў насмешку заступаўся за Лазара Сымон Тургай.— Твае спевы і твой голас такія, што слухаеш, і сэрца замірае, і вочы на лоб лезуць.