Старонка:Na rostaniah 2.pdf/345

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Кожны з насельнікаў камеры меў свой занятак і праводзіў час так, як лічыў для сябе найбольш мэтазгодна.

Іван Сарока не толькі цэлымі гадзінамі сядзеў каля закованага ў жалеза акна і крышыў для галубоў счарсцвелы арыштанцкі хлеб. Сарока лічыўся майстрам на ўсе рукі: дома ён быў добрым гаспадаром і нават аграномам. Усім цікавіўся, да ўсяго даходзіў сам, сваёю галавою. Калі галубы былі накормлены так, што ўжо болей не ляцелі на падаконнік, Сарока знаходзіў сабе іншы занятак. Ад людзей, галоўным чынам тых, што сядзелі ў астрозе, пераняў ён умельства вылепліваць з хлеба мастацкія фігуры і пешкі для гульні ў шахматы, вельмі трывалыя і моцныя. Паламаць іх было цяжка, можна было разбіць, хіба толькі палажыўшы на кавадла і б’ючы ёмкім малатком. Сакрэт моцы заключаўся ў тым, што перад вылепліваннем хлеб трэба было перажаваць і вымесіць спецыяльным спосабам, пасля чаго ён рабіўся гнуткім і клейкім. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Попыт на шахматы быў вялікі. Ад астрожных майстроў яны часамі пераходзілі на волю, у горад, а ў камеры амаль не сходзілі са стала. Каля пары шахматыстаў, якія зрэдку мяняліся, заўсёды стаяў невялікі гурток аматараў шахматнай гульні. Нагуляюцца, бывала, так, што калі пакладуцца вечарам спаць, дык і шахматная дошка, і фігуры, і заматованы кароль доўга стаяць у вачах.

Адзін толькі Лазар Мардуховіч не прымаў удзелу ў шахматнай гульні і не цікавіўся ёю. Ён лічыў, што гэта не дастойна рабочага чалавека. Зранку пасля паверкі Лазар ішоў пад канвоем у турэмную шавецкую майстэрню шыць і рамантаваць абутак. Хадзіў туды па сваёй волі, бо не было такога права, каб прымусіць засуджанага ў крэпасць да той ці іншай працы. Перад вячэрняю паверкаю яго прыводзілі ў камеру. Лазар, закончыўшы рабочы дзень, старанна ўмываўся, надзяваў свой лепшы гарнітур, падмацоўваўся хлебам і каўбасою. Пасля гэтага з паўгадзіны хадзіў па камеры ўзад і ўперад, потым клаўся на сваё месца на нарах і спяваў песні.