Старонка:Na rostaniah 2.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Усё-ж Лабановіч адчуваў нейкую маральную палёгку: ён любіў сваю школьную справу, і яму надакучыў вымушаны адрыў ад яе. Хоць ён меў ужо даволі значную школьную практыку, тым не меней першая сустрэча з вучнямі ў новай школе і цікавіла і трохі хвалявала.

Вучні сядзелі ціха, не бегалі, не падымалі гармідару, як уласціва школьнікам. Відаць, і іх цікавіла асоба новага настаўніка, яго характар і адносіны да іх у далейшым.

Лабановіч увайшоў у клас з некаторым спазненнем, мяркуючы, што, можа, яшчэ падыйдуць вучні. Пры з’яўленні настаўніка дзеці пужліва ўсталі, не зводзячы з яго вачэй. Настаўнік паздароўкаўся з імі як мага прыветней і сказаў:

— Сядайце!

Звычайна школьны дзень пачынаўся малітваю перад вучэннем. На гэты раз настаўнік адступіўся ад заведзенага парадку.

— Ну, што-ж? Перш за ўсё хачу пазнаёміцца з вамі, — сказаў ён, сеўшы за стол.

Самым прыдатным спосабам знаёмства з вучнямі быў класны журнал з вучнёўскімі спісамі на кожны месяц. Па гэтых спісах настаўнікі штодзённа правяралі наяўнасць вучняў і ступень акуратнасці наведвання школы.

Лабановіч па спісу чытаў прозвішчы вучняў трэцяй групы. Калі вучань не з’явіўся, ставіў паметку «нб», што азначала «не быў». У гэты дзень такіх аказалася большасць. Калі-ж вучань быў у наяўнасці, то ён, пачуўшы сваё прозвішча, уставаў і казаў: «Я!» Настаўнік углядаўся ў яго, каб лепей запомніць, затым коратка распытваў, колькі яму гадоў, каторую зіму ходзіць у школу, колькі часу вучыўся ў той ці іншай групе, чым займаецца дома, што ён любіць найболей з навукі. Усе гэтыя пытанні мелі адну мэту — лепш азнаёміцца з вучнямі і трохі разварушыць іх, рассеяць нясмеласць і напружанасць. Сярод вучняў, з якімі знаёміўся Лабановіч, увагу настаўніка звярнуў на сябе Грышка Мініч. Пачуўшы сваё прозвішча, ён нерашуча і сарамяжліва ўстаў, прыгнуўся, трымаючыся за лаўку. Гэта быў бялявы, худы, высокі і тонкі хлапчук. На яго твары