Старонка:Na rostaniah 2.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

18 строга сказаў пісар і падняў на настаўніка свае блакітныя, досыць прыгожыя вочы.

Лабановіч не ўправіўся даць адказ на словы пісара, бо той раптам паставіў пытанне рубам:

— А вы не з такіх?

Лабановіч паглядзеў на пісара. Злыя агеньчыкі заіскрыліся ў вачах настаўніка, але ён стрымаўся і з добрадушнаю ўсмешкаю сказаў:

— Я быў арыштаваны за тое, што гарнуўся, як вы кажаце, да народа. Але начальства разабралася і выпусціла мяне.

Пісар апусціў вочы на стол, на якім яшчэ значыліся сляды разлітай гарэлкі. Ён нават не запрасіў суседа на шклянку чаю. І толькі потым даведаўся Лабановіч, што ў асобе кожнага маладога чалавека пісар бачыў свайго асабістага ворага: пісар Васількевіч не давяраў сваёй жонцы.

V

Завіруха бушавала ўсю ноч і ўвесь дзень. Здавалася, не будзе канца яе лютай сіле, яе злоснаму завыванню. На вуліцы, як і раней, мітусіўся снег. Яго белая заслона закрывала будынкі і дрэвы. Навокал усё гуло, трэслася, выла, скуголіла. У кватэры настаўніка было холадна. Вецер прабіваўся праз вокны і сцены і разгульваў па пакоях вольна, як гаспадар. Пад вечар завея аціхла. Нізкія воблакі, шчодра пасыпаўшы снегам зямлю, падняліся вышэй. На вуліцы пасвятлела, хоць ужо надыходзіў вечар. І толькі цяпер перад вачамі раскрываўся малюнак таго, што натварыла завіруха. На вуліцы, у дварах каля будынкаў і ўздоўж платоў ляжалі горы снегу з самымі вычварнымі паветкамі і карнізамі, якіх не патрапіць вылепіць самы здольны скульптар.

Стораж Піліп, не скупячыся, напаліў печы. Школа даўно не апальвалася, і ў ёй было холадна, асабліва пасля такога вятругі. Як толькі добра разднела, пачалі патроху збірацца вучні, але далёка не ўсе прышлі ў гэты дзень. Ніхто не з’явіўся з суседніх вёсак і хутароў: дарога пасля мяцеліцы была яшчэ не працёрта.