Старонка:Na rostaniah 1.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Узнікла праблема ў вычытцы гэтай старонкі


чыну якраз на чыгунцы. Можа, гэта і ёсць панна Марына?

— Так, гэта яна, — прамовіла Ядвіся, распытаўшыся, як яна выглядае.

Паненкі на развітанне колькі разоў напаміналі Лабановічу, каб ён часцей заходзіў да іх.

X

Якраз за дзень да ўводзін прасвятое багародзіцы, свята, якое прыпадае на 21 лістапада, у вёсцы Цельшына паўстала вельмі важнае пытанне аб тым, калі святкаваць гэта свята: сёння ці заўтра? І паўстала гэта пытанне, як зазвычай усе важныя пытанні, выпадкова.

Старая Лукашыха, Аўгеня, прышла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Прышла яна якраз у той час, калі трэба ўжо тушыць у хаце агонь. Аўгеня зразу-ж звярнула ўвагу, што ў хаце суседкі былі ўсе адзнакі свята: прасніцы вынесены вон, мужчыны не ўсе яшчэ былі абуты, а сама Югася падбівала цеста на аладкі і печы не падпальвала.

— Што-ж гэта ў вас, дзеўка, як-бы свята?

У Цельшыне быў такі звычай, што адна старая жанчына, зварачаючыся да другой, казала ёй «дзеўка».

— А хіба-ж не свята? — прамовіла Югася і зірнула на суседку.

— Як свята? Што ты, дзеўка, гаворыш?!

— А так што свята! — цвёрда і пэўна адказала Югася.

— Ах, божачка мілы! А я-ж думала, што заўтра! — ускінула рукамі Аўгеня: — Лукаш мой даўно пайшоў у клуню малаціць грэчку!.. І сама я ўсю раніцу прала!.. А-а, як-жа я гэта думала, што свята заўтра? Ах, матачкі мае родныя!

Аўгеня борздзенька павярнулася і вышла з хаты, нават і падсітак забылася пазычыць. Вышаўшы на вуліцу, яна на хвілінку прыпынілася, а потым раптоўна кінулася да Нупрэя Бабка.

— Што я прышла ў вас спытаць: сёння свята ці заўтра? — запытала Аўгеня і акінула вачамі хату.

Нупрэй зусім яшчэ не падымаўся, ляжаў спінаю на