Старонка:Na rostaniah 1.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


яна і зірнула на мужа, як-бы хочучы прачытаць на яго твары, ці добра яна сказала.

— Пан Турсевіч у школе быў строгі, — адгукнуўся малы Чэсь з-пад кахлянае печы.

Баранкевіч павярнуў галаву ў бок сына і, смеючыся, прамовіў:

— А што-ж з вамі іначай зробіш? Дай вам волю, дык вы і школу павернеце, і толку з вас ніякага не будзе.

Паненкі засмяяліся.

— Я, вось, буду прасіць пана настаўніка, каб цябе часцей на калені ставіць ды яшчэ грэчкі падсыпаць.

— У пана настаўніка і грэчкі няма, — сказала Ядвіся і ўскінула на нстаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы.

Лабановіч зірнуў на яе. «Слаўная дзяўчынка», — падумаў ён.

— Ну, то я прышлю, цэлую асміну прышлю, — сказаў падлоўчы.

— Чэсь будзе такі добры ў мяне вучань, што да грэчкі ў нас не дойдзе. Праўда, Чэсю?

Сёстры зноў засмяяліся. Чэся яны зналі лепей і, як відаць, схіляліся да погляду таткі наконта грэчкі.

Чэсь-жа ўгнуў галаву, не зусім пэўны ў тым, што для яго справа можа абыйсціся без грэчкі.

— Ну, як там гарбата? — спытаў Баранкевіч жонку. Пані падлоўчая зараз-жа ўстала, кіўнула Габрыні і вышла разам з ёю.

Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю, якую так добра ўмеюць прыгатаўляць на Беларусі, і селі піць чай. Лабановіч пачуваўся добра і вольна і ўвесь час вёў размову то з гаспадарамі, то з паненкамі. Пан падлоўчы, выпіўшы шклянку, устаў, папрасіў прабачэння, што не можа больш заставацца, што ён мусіць ехаць па службе, і вышаў.

Пасля гэтага паненкі пачулі сябе вальней. Яны смяяліся, жартавалі, распытвалі настаўніка аб усім: ці быў ён у воласці, з кім там пазнаёміўся і як каго знаходзіць.

— А вы не знаеце панны Марыны? — запытала настаўніка Ядвіся.

— А хто яна такая? — спытаў Лабановіч.

— А тут на будцы ёсць адна панна.

— Я сёння спаткаў адну вельмі прыгожую дзяў-