Старонка:Na rostaniah 1.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Ну, як вам падабаецца наша месца? - спытала пісаранка.

- А нічога. Месца вельмі добрае, і мне наогул падабаецца Палессе.

- А вось вашаму калегу яно падабаецца мала.

- Не скажэце, - адказаў Саханюк: - Каб гэта была праўда, то пяць год я не выседзеў-бы тут.

- Калісь падабалася, - сказала Маня і ледзь уздыхнула.

Увайшла сярэдняя дачка, Саша, зусім непадобная да сястры. Яна была шчаслівейшая ад яе, бо мела жаніха ў асобе тутэйшага ўрадніка. Зараз-жа за ёю ўвайшла і трэцяя сястра, Ніна. Самая малодшая, Ольга, вучылася ў горадзе, і яе цяпер не было дома.

Лабановіч чуўся не па сабе ў кампаніі дзяўчат і не трапляў падтрымаць з імі гутаркі. Ён толькі адказваў на іх пытанні, адказваў сур'ёзна, што не падабаецца паненкам такога стану, якія звыклі, каб іх забаўлялі, жартавалі з імі і малолі гарох і кашу, абы было смешна.

- А вы спяваеце? - спытала яго Саша.

- Не. Спяваю няважна, - адказаў Лабановіч, і ў вачах яго бліснуў ледзь прыметны смех, - за практычную лекцыю па спевах у семінарыі наш Костка ледзьве тры з мінусам паставіў.

- Якая костка? - здзівілася старшая пісаранка.

- Выбачайце, не якая костка, а які Костка, - паправіў яе Лабановіч. - Гэта ў нас быў такі настаўнік у семінарыі, які выкладаў спевы і меў прозвішча Костка.

- Не, - сказала Саша: - Я не пра такія спевы пытаюся. Вы маглі даць няўдалую лекцыю, але гэта не можа пашкодзіць вам самім праспяваць, ну, напрыклад, раманс.

- Крый мяне божа! - засмяяўся Лабановіч: - Каб я яшчэ рамансы спяваў. І сам не спяваю, і не люблю, калі хто іх спявае. Іншая справа паслухаць добры хор.

Такім адказам Лабановіч прыпыніў усякія запытанні ў гэтым кірунку: змоўклі паненкі, маўчаў і ён.

Размова павялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе.