Старонка:Na rostaniah 1.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў зямлю не палезеш, а прыдзе смерць, тады пахаваюць.

- Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на свеце жывем.

- А навошта, панічык, і ведаць? Жыве чалавек і жыве, пакуль бог яму прызначае. А прыдзе час яму памерці - памрэ.

- А дрэнна, бабка, што трэба ўміраць!

- Што вы, панічыку, усё пра смерць гаворыце! Дзіўны вы, панічок, далі-бог! Вось той паніч, што быў перад вамі, бывала пойдзе куды: ці да пана падлоўчага, або да Курульчука на будку. Там паненка была, ой, прыгожая паненка! Яе цяпер дома няма, а вось прыедзе, дык пабачыце самі!

- А хіба-ж тут паненкі ёсць? - зацікавіўся Лабановіч.

- О, панічыку, чаму-ж няма!

Бабка пачала пералічаць і расхвальваць паненак. Перш-на-перш у валаснога пісара іх цэлых чатыры. Праўда, воласць адгэтуль за пятнаццаць вёрст. Але ёсць паненкі і бліжэй: за сем вёрст дачка каморніка. Усе панічы ў гэтай акрузе закаханыя ў яе. Ёсць яшчэ паненка на хутары за тры вярсты.

- Навошта вам лепей, панічок: у пана падлоўчага дочкі ёсць. Адна яшчэ зусім маладзенькая, а другая старэйшая. Яна пыталася ўжо: "Ну, як твой, бабка, паніч?"

- А ты што ёй сказала?

- Ой, кажу, паніч! Харошы паніч!

- А хіба-ж я харошы?

- А чаму-ж не харошы!

- Ну, а хто з паненак самая лепшая?

- Усе харошыя. Як для мяне, дык усе харошыя.

- Ці не думаеш, бабка, ты жаніць мяне?

- Самі, панічок, жэніцеся... А да пана падлоўчага вам трэба зайсці. Бывала, той паніч - як вечар, дык там. А вы ўсё сядзіце над гэтымі кнігамі. А яны сушаць чалавека.

- А ты, бабка, пашапчы, каб я ад іх адвярнуўся.

Старая колькі хвілін пазірала на настаўніка, а потым засмяялася доўгім-доўгім смехам.

От, паніч, вы ўсё шуткуеце!