Старонка:Maryja.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У Ёсіфа, у цесляра
Ці бондара таго святога,
Марыя ў наймічках расла,
Расла сабе і вырастала
І на пары Марыя стала...
І кветкай-ружай расцвіла
У беднай і чужой хаціне,
У ціхім і святым раю.
Цясляр на наймічку сваю,
Нібы на родную дзяціну,
Бывала струг, цяслу пакіне
Дый пазірае; час міне,
А ён і вокам не змігне
І думае: «Ані радзіны,
Ані хаціначкі няма,
Адна-адненькая!.. Хіба...
Ці смерць мая ўжо за плячыма?..»
Марыя ж стане каля тыну
Ды воўну белую прадзе
На той бурнус яму на новы,
Або на бераг павядзе
Казу з казляткам такім кволым
Папасвіць там і папаіць,
Хоць і далёка. А любіла ж
Яна той ціхі божы стаў,
Шырокую Тыверыяду,
І рада, аж смяецца, рада,
Што Ёсіф, седзячы, маўчаў
І не пярэчыў, не спыняў
На стаў ісці. Ідзі, смяецца,
А ён сядзіць ды ўсё сядзіць,
За струг, бядага, не бярэцца...
Каза нап’ецца ды пасецца,
А дзеўчына сабе стаіць
З сваімі думкамі пад гаем
І смутна, сумна пазірае
На той шырокі божы стаў
Ды прагаворыць: — Тыверыяда!
Цару шырокі азярам!
Скажы ты мне, мая парада,
Якая доля выйдзе нам