Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Самы дужы сабака быў ва ўсёй запрэжцы, — закончыў сваю гутарку Біл.

— І кемлівы-ж, — дадаў Генры.

Такой з'яўлялася другая эпітафія за гэтыя два дні.

Снеданне прайшло нявесела; чацвёрку сабак, якая засталася, запрэглі ў сані. Дзень гэты прайшоў таксама, як і шмат іншых папярэдніх дзён. Падарожныя моўчкі ішлі па абледзянелай прасторы. Цішыня парушалася толькі выццём праследавальнікаў, якія гналіся за імі па слядах, не паказваючыся на вочы. З надыходам цемнаты, калі праследавальнікі на гэты раз падышлі бліжэй, выццё пачулася амаль побач; сабакі трывожыліся, дрыжелі ад страху і ў паніцы зноў блыталі пастронкі, прыгнятаючы гэтым і без таго падаўленых людзей.

— Ну, бязмозглыя стварэнні, цяпер ужо нікуды не дзенецеся, — з задаволеным выглядам сказаў Біл.

Генры кінуў гатаваць і падышоў паглядзець. Яго таварыш не толькі прывязаў сабак, але прымацаваў іх, па індзейскаму спосабу да палак. На шыю кожнаму сабаку ён надзеў скураную пятлю. Да пятлі, каб сабака не мог дастаць яе зубамі, шчыльна да шыі прывязаў тоўстую палку ў чатыры-пяць футаў даўжынёй. Другі канец быў прымацован скураным рэмнем да за гнанага ў зямлю кала. Сабакі не маглі перагрызці рамень каля шыі, а палкі перашкаджалі ім дастаць зубамі рамень ля кала.

Генры ўхвальна кіўнуў галавой.

— Аднавучага толькі такім чынам і можна стрымаць, сказаў ён. — Ён, як нажом, скуру зубамі рэжа, і амаль з такой-жа быстрынёй. А так да раніцы ўсе цэлыя будуць.

— Ну яшчэ-б! — сказаў Біл. — Калі хоць адзін прападзе, я заўтра ад кофе адмоўлюся.

— А яны-ж ведаюць, што ў нас няма чым іх пастрашыць, — заўважыў Генры, кладучыся спаць і паказваючы на мігатлівы круг, які ачапіў стаянку. — Пальнуць-бы ў іх разок-другі — хутка-б пашану да нас адчулі. З кожнай ноччу ўсё бліжэй і бліжэй падбіраюцца. Адвядзі вочы ад агню, угледзься вунь у той бок. Ну? бачыў вунь таго?

Абодва пачалі з цікавасцю сачыць за няяснымі сілуэтамі, якія рухаліся ззаду агню. Пільна ўглядаючыся