Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

многаму навучыўся. Жывыя істоты — гэта мяса. Яны прыемны на смак, але вялікія жывыя істоты прычыняюць боль. Лепш за ўсё есці маленькіх, такіх, як птушаняты, курапаткі, а вялікіх, накшталт самой курапаткі, трэба пакінуць спакоі. І ўсё-ж ён адчуваў укол самалюбію, у ім таілася жаданне яшчэ раз сха. піцца з вялікай птушкай, — шкада, што ястраб панёс яе. А можа быць, знойдуцца іншыя курапаткі? Трэба пайсці паглядзець.

Ваўчок спусціўся па спадзістаму берагу да ручая. Вады ён да гэтага часу яшчэ не бачыў. Выгляд яна мела нядрэнны. Ніякіх няроўнасцей. Ён смела ступіў у ваду і, скавычачы ад страху, пайшоў на дно, прама ў абдымкі невядомага. Зрабілася холадна, захапіла яму дух. Замест паветра, якім ён прывык дыхаць, у лёгкія хлынула вада. Удушша здавіла яму горла, як смерць. Для яго яно межавалася са смерцю. У ваўчка не было свядомага ўяўлення аб ёй, але, як і ўсе жыхары Лясной Глушы, ён меў інстынктыўны страх смерці. Яна здавалася яму самым страшным болем. У ёй заключалася сама сутнасць невядомага, награмаджэнне ўсіх яго жахаў, — апошняя, страшная катастрофа, аб якой ён нічога не ведаў, і ўсё-ж надзяляла яе ўсімі жахамі, якія жывуць у ім самым.

Ваўчок вынырнуў на паверхню і ўсёй пашчай глынуў свежае паветра. На гэты раз ён не пайшоў на дно. Ён ударыў усімі чатырма лапамі, як быццам гэта было для яго самай прывычнай справай, і паплыў. Бліжэйшы бераг знаходзіўся ў якім-небудзь ярдзе ад ваўчка, але ён вынырнуў спіной да яго і, убачыўшы перш за ўсё процілеглы бераг, зараз-жа накіраваўся туды. Ручай быў вузкі, але якраз у гэтым месцы разліваўся футаў на дваццаць у шырыню.

На самай сярэдзіне ваўчка падхапіла плынь і панесла ўніз па ручаю, прама на маленькія парогі, якія пачыналіся ў тым месцы, дзе берагі зноў звужваліся. Плысці тут было цяжка. Спакойная вада раптам зрабілася бурнай. Ваўчок то выплываў на паверхню, то хаваўся з галавой пад ваду. Увесь гэты час яго кідала з аднаго боку у друті, пераварачвала то на бок, то на спіну, ударала аб каменне. Пры кожным такім штуршку ён вішчэў, і па гэтым віску можна было падлічыць,