Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таго не заўважаючы, ваўчок жыў у гэты момант поўным жыццём. Ён выконваў прызначаную яму ў жыцці ролю, рабіў тую справу, для якой быў народжан, — забіваў здабычу і біўся, перш чым забіць яе. Ён апраўдваў сваё існаванне, выконваючы вышэйшае прызначэнне жыцця, таму што жыццё дасягае сваіх вяршынь у тыя хвіліны, калі ўсе яго сілы накіроўваюцца на выкананне пастаўленых перад ім мэт.

Праз некаторы час птушка перастала змагацца. Ваўчок усё яшчэ трымаў яе за крыло. Яны ляжалі на зямлі і глядзелі адзін на аднаго. Ён паспрабаваў люта і пагражаюча зарыкаць. Курапатка дзяўбанула яго ў нос, які ўжо пачынаў балець ад усякіх папярэдніх прыгод. Ваўчок уздрыгануўся ад болю, але не вы пусціў крыла. Птушка дзяўбанула яго яшчэ і яшчэ раз. Ён завішчэў і падаўся назад, не ўцяміўшы, што разам з крылом цягне за сабой і ўсю птушку. Град удараў пасыпаўся на яго нос, які ныў ад болю. Ваяўнічы запал ваўчка пагас, ён выпусціў здабычу і з усіх ног пусціўся на ганебныя ўцёкі. Ён прылёг адпачыць на другім баку палянкі, каля хмызняка, і ляжаў там, высунуўшы язык і цяжка дыхаючы; нос у яго усё яшчэ балеў, і ваўчок жаласліва вішчэў. Раптам ён пачуў, што на яго насоўваецца нешта страшнае. Невядомае з усімі сваімі жахамі навалілася на ваўчка, і ён інстынктыўна адскочыў пад абарону куста. У тую-ж хвіліну на яго павеяла ветрам, і ён убачыў, як вялікае крылатае цела у злавесным маўчанні пранеслася міма куста. Ястраб, які кінуўся на ваўчка зверху, прамахнуўся.

Пакуль ваўчок ляжаў пад кустом і, пакрыху прыходзіў да памяці ад страху, пачынаў баязліва выглядваць адтуль, на другім баку палянкі са спустошанага гнязда выпархнула курапатка. Гора страты прымусіла яе забыць аб крылатай маланцы нябёс. Але ваўчок усё бачыў, і гэта было для яго засцярогай і ўрокам. Ён бачыў, як ястраб каменем зваліўся ўніз, пранёсся над зямлёй, амаль закранаючы яе целам, усадзіў кіпцюры ў курапатку, якая закрычала ад смяртэльнага болю і жаху, і ўзняўся ўвышыню, уносячы птушку з сабой.

Ваўчок доўга не выходзіў са свайго сховішча. Ён