Старонка:Liondan.Biely klyk.djvu/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з дрантвення. Воўк не мог працівіцца закліку навакольнага свету. Апрача таго, ён быў галодны.

Аднавокі падпоўз да сваёй падругі і паспрабаваў пераканаць яе падняцца. Але яна толькі грозна зарыкала на яго. Воўк парашыў адправіцца адзін і, вышаўшы на яркае сонечнае святло, убачыў, што снег пад нагамі правальваецца і падарожжа будзе справай нялёгкай. Ён пабег уверх па замёрзламу ручаю, дзе снег, у ценю дрэў, быў усё яшчэ цвёрды і чысты. Праблукаўшы гадзін восем, Аднавокі вярнуўся, калі ужо сцямнела, яшчэ больш галодным. Ён не раз бачыў дзічыну, але не мог злавіць яе. Трусы ўсё таксама лёгка скакалі па таламу насту, а ён правальваўся і барахтаўся ў снезе.

Нейкае няяснае падазрэнне прымусіла яго спыніцца ля ўваходу ў пячору. Адтуль даляталі слабыя, чужыя яму гукі. Яны не былі падобны на голас ваўчыцы, але разам з тым у іх чулася нешта знаёмае. Ён асцярожна упоўз у пячору і яго засцерагаючым рыкам сустрэла ваўчыца. Яе рыканне не збянтэжыла Аднавокага, але прымусіла ўсё-ж трымацца воддаль; яго цікавілі другія гукі — слабое, прыглушанае павіскванне і плач. Bаўчыца зноў сярдзіта забурчэла на яго; ён скруціўся клубком ля ўваходу ў пячору і заснуў. Калі настала раніца і ў логава пранікла цьмянае святло, воўк зноў пачаў шукаць крыніцу гэтых невыразна-знаёмых гукаў. У засцерагаючым рыканні ваўчыцы з'явіліся новыя ноткі. У ім гучэла рэўнасць, і гэта прымушала ваўка трымацца на досыць вялікай адлегласці. і ўсё-ж яму ўдалося разгледзець, што паміж нагамі ваўчыцы, прытуліўшыся да яе жывата, варушацца пяць маленькіх жывых клубочкаў; слабыя, бездапаможныя, яны ціха вішчэлі і не расплюшчвалі вачэй на святло. Воўк быў здзіўлены. Гэта здаралася не ў першы раз у яго доўгім і шчаслівым жыцці, здаралася часта, і ўсё-ж кожны раз ён нанава здзіўляўся. Яго падруга глядзела на яго з трывогай. Час ад часу яна ціха бурчэла, а калі воўк, як ёй здавалася, падыходзіў надта блізка, то бурчэнне яе пераходзіла ў пагрозу. Яе вопыт нічога ёй аб гэтым не гаварыў, але інстынкт, які замяняў усім маткам-ваўчыцам вопыт, невыразна падказваў ёй, што бацькі паядаюць сваё бездапаможнае патом-